МУЗЕ́Й БЕЛАРУ́СКАГА ПАЛЕ́ССЯ.
Засн. ў 1924, адкрыты ў 1926 у г. Пінск Брэсцкай вобл. як Палескі краязн. музей, з 1940 Пінскі абл. гіст.-краязн. музей, з 1944 Пінскі абл. (занальны) краязн.-музей, з 1954 Пінскі краязн. музей, з 1979 Бел. дзярж. музей сацыяліст. пераўтварэння Палесся, з 1990 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 1376 м²; 56,7 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Сярод экспанатаў археал. калекцыя керамічных плітак 12 ст., бронзавыя ўпрыгожанні, рукапісныя граматы 14—17 ст., друкаваныя выданні 17 ст., калекцыі манет 16—20 ст. розных краін свету, прадметы матэрыяльнай культуры і побыту сялян 19 — пач. 20 ст., матэрыялы пра падзеі рэв. 1905—07, дзейнасць Пінскай арг-цыі РСДРП, падзеі грамадз. вайны, становішча працоўных Зах. Беларусі ў 1921—39, стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў гады Вял. Айч. вайны, аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі ў пасляваенны час. У экспазіцыі творы жывапісу бел. і рус. мастакоў. Мае бібліятэку больш за 6,5 тыс. выданняў, сярод якіх час. «Дзеннік Віленьскі» (асобныя нумары за 1817, 1820, 1823, 1828).
В.М.Лытнеў.
т. 11, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)